Зміцер Саўка: Прызначэнне Латушкі дае прывідныя надзеі на адраджэнне мовы
“Закон аб беларускай арфаграфіі можа канчаткова загубіць цікаўнасць да беларускай мовы”, - лічыць філолаг і мовазнаўца Зміцер Саўка. Пра тое, чаму Дзень беларускага пісьменства павінен адзначацца ў жніўні і што трэба зрабіць для адраджэння роднай мовы, ён расказаў у эфіры Радыё TUT.BY.6 верасня афіцыйна адзначаўся Дзень беларускага пісьменства. Вы самі неяк адзначалі гэтае свята? Прызнаюся, што Дзень пісьменства для мяне не свята, як і для большасці беларусаў. Гэтая дата ўзялася як трансфармацыя мясцовага свята славянскага пісьменства, якое было прыдумана ў XIX стагоддзі для абслугоўвання такой ідэалагемы як “адзінства славянаў”. Інакш кажучы, гэтае свята мае абсалютна палітычны падтэкст, які не служыць на карысць беларушчыне. І гэта не дае мне права і жадання адзначаць такія святы. Беларускае пісьменства само па сабе, несумненна, для мяне важная, нават святая з’ява. Але тое, як гэта адзначаецца, тое, для чаго гэта служыць, мяне не грэе. Які б дзень вы абралі для таго, каб адзначаць свята беларускага пісьменства? Якім чынам належыла б адзначаць гэтае свята? Я доўга думаў, у які дзень можна было б адзначаць сапраўднае свята беларускага пісьма, і вырашыў, што гэта магло б быць шостага жніўня. У свой час мастацтвазнаўца Шчакаціхін прапанаваў менавіта гэты дзень лічыць днём нараджэння Скарыны, бо на скарынаўскай гравюры можна заўважыць зацямненне сонца, па ім ён вырашыў, што значнае частковае зацямненне сонца было менавіта ў гэты дзень. Гэта, вядома, спрэчная дата, але яна значная, велічная і дасціпная ў нашай гісторыі і ў нашым пісьменстве. На мой погляд, яна была б вельмі дарэчнай для такога свята. Якім чынам вы б прапанавалі святкаваць гэтую дату? Ведаеце, кожнае свята, кожная падзея, звязаная з беларускай мовай, - гэта вельмі добра і мае вялікі сэнс. На жаль, нашае беларускае слова гібее, і дзяржава робіць намаганні гэты гіблы стан падтрымаць. Так што любая нагода, любая згадка - толькі ў плюс беларушчыне. Але як гэта адзначаецца сёння? Выязджае на месца імпрэзы дэлегацыя прыкормленных пісьменнікаў, чыноўнікаў, і яны там святкуюць, кажуць прамовы пра мову. Але ж гэта ніяк не дзейнічае на беларускую мову, не набліжае яе да людзей. Калі б ужо святкаваць гэтае свята, то трэба памяняць яго фармат. Напрыклад, незалежніцкія сілы прапаноўваюць пісаць дыктоўку. Калі чалавек працуе сам-насам над аркушом паперы з беларускай мовай, ён асабіста прылучаны да гэтай справы. Я думаю, што гэта цікавы фармат працы з мовай. Можна знайсці і іншыя формы, з большым вынікам для беларускай мовы адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Мінула пяць стагоддзяў з таго моманту, як Скарына надрукаваў “Псалтыр”. Якія значныя падзеі і дасягненні беларускага пісьменства, што здарыліся за гэты час, павінен ведаць кожны беларус?Пісьменства - гэта вельмі шырокі панятак. Гэта і мастацкая літаратура, і побыт мовы ў самых розных праявах. Прынамсі, нам варта было б адзначыць асноўныя падзеі. Гэта старабеларускія помнікі, створаныя ў старажытную пару, адраджэнне беларускага слова ў ХІХ стагоддзі, і, канешне, ХХ стагоддзе, калі беларуская нацыя ва ўсёй сваёй масе чуецца адроджанай і абуджанай. Гэта, напрыклад, 1906 год, калі з’явіўся масавы беларускі друк, калі з’яўляецца суполка “Загляне сонца ў наша ваконца”, якая выдае дзесяткі кніг па-беларуску дастаткова значнымі накладамі. Далей трэба адзначыць 1918 год, калі абвяшчаецца БНР, што суправаджаецца выбухам беларускага друку і пісьменства, з’яўляюцца перыядычныя выданні ў шмат якіх беларускіх гарадах, выходзіць “Граматыка” Тарашкевіча, якая становіцца бібліяй беларускага слова для цэлага пакалення беларусаў. Трэба адзначыць Акадэмічную канферэнцыю 1926 года, калі беларускія і не толькі беларускія навукоўцы-беларусісты сабраліся разам, каб сцвердзіць высокі статус беларускай мовы і надаць беларускай мове новы імпульс развіцця ва ўмовах, калі яна рабілася дзяржаўнай мовай БССР, калі на ёй пачыналі выходзіць навуковыя кнігі, стварацца навуковая літаратура. Нельга забываць і пра канец 80-х - пачатак 90-х гадоў і прыняцце “Закона аб мовах”, які пастанавіў, што беларуская мова - гэта дзяржаўная мова Беларусі. Без гэтых значных падзей немагчыма сабе ўявіць, чаму беларуская мова жыве і бытуе, нягледзячы ні на што, насуперак неспрыяльным умовам. Якія падзеі, наадварот, найгорш паўплывалі на развіццё беларускай мовы? Несумненна, вонкавыя падзеі, палітычныя ўмяшанні ў жыццё нашай краіны заўсёды разбуральныя, і не толькі для мовы. Войны, акупацыі, прыход чужынцаў, усталёўванне імі сваіх парадкаў заўсёды кепска адбіваліся на духоўнай культуры, на мове і пісьменстве. Можна прыгадаць фактычную забарону беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай у Рэчы Паспалітай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай мы трапляем пад уплыў расійскага панавання. Праўда, трэба сказаць, што не адразу пачалася русіфікацыя. Як гэта ні дзіўна, у ХІХ стагоддзі пачалася вельмі моцная паланізацыя, бо расейскі цар Павал амаль не звяртаў увагі на культурны аспект развіцця краіны, а моцныя адукацыйныя інстытуты аказвалі вельмі вялікі ўплыў на духоўную сферу аж да 1830 года, да першага паўстання. Можна сказаць, што дагэтуль беларусы ніколі так не паланізаваліся, як у першыя тры дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя. Потым адбываўся зусім іншы працэс. Тры паўстанні - 1830-1831 гадоў, 1848-1849 гадоў, 1863-1864 гадоў - паказалі ўладам, што ідэалогія - не ў іх руках. Пачалася шалёная русіфікацыя, паўстала цэлая сістэма русіфікацыі праз рэлігію і адукацыю. Гэтае працягвалася да 1905 году, калі беларусы атрымалі дазвол на друк на беларускай мове. Але адукацыя працягвалася толькі на расейскай мове. Так што беларускую мову ўвесь час звужалі, заганялі ў межы сям’і. Падзеі 1920-х гадоў далі беларусам магчымасць уздыхнуць на поўныя грудзі як самастойнаму народу. Беларуская мова нарэшце вярнулася ў нашыя гарады, у друк і адукацыю. У другой палове 1930-х гадоў ізноў быў адкат да русіфікацыі. На жаль, гэтыя русіфікацыйныя працэсы сказваюцца да сённяшняга дня. Трэба адзначыць, што падчас вайны, у 1941-1944 гадах, акупацыйныя ўлады далі магчымасць беларусам аднавіць адукацыю на беларускай мове, і гэта выхавала цэлае пакаленне, цэлую плеяду беларускіх дзеячаў, якія потым аказаліся ў эміграцыі. Канешне, вайна - гэта не час росквіту мовы ці культуры, але беларуская мова атрымала некаторы перадых. На жаль, наступныя гады нічога станоўчага для беларускай мовы не прынеслі. І толькі ў пачатку 1990-х беларуская мова пачала вяртацца ў жыццё, але беларусізацыя, напрыклад, у адукацыйнай сферы праводзілася загадамі і дакладамі. Гэта не было на карысць беларускай мове. Як вы ацэньваеце стан беларускай мовы на сучасным этапе з улікам таго, што яе няма ў штодзённым ужытку? Што чакае яе ў будучыні? Калі беларускае слова надалей будзе душыцца, яно загіне. Але зараз з’яўляецца вельмі шмат людзей, якія жадаюць моўна адпавядаць сваёй назве. Чалавек, які прыходзіць з рускамоўнай школы, з рускамоўнага выхавання, пачынае задумвацца і пераходзіць на беларускую мову. Гэты працэс адбываецца паўсюдна, і тое, што гэта здараецца з людзьмі паасобку, але ў такой масавай колькасці, аб’ектывізуе працэс. Гэта не выпадковасць, не ненармальнасць, калі чалавек дарастае да сваёй ідэнтычнасці. Кажуць, што беларуская мова непрымяняльная і неўжывальная ў шырокіх колах, таму што яна не паспявае развівацца за працэсам і тэхналогіямі. У якіх сферах, на ваш погляд, беларуская мова найбольш адстае? У сферы камп’ютэрных тэхналогій адстаюць усе, і тут нічога не зробіш. На маю думку, спробы беларусізаваць нейкія праграмы - справа бессэнсоўная і нікому не патрэбная. Пастаянна з’яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя паняткі - гэта працэс глабалізацыі, і не з’яўляецца праблемай беларускай мовы. Я лічу, беларуская мова дастаткова развітая, каб абслугоўваць усе іншыя сферы жыцця. Тое, што звязана з духоўнай сферай, з ментальнасцю, беларуская мова здольная абслугоўваць. У нас існуюць дзесяткі тэрміналагічных слоўнікаў практычна з усіх галінаў чалавечых ведаў, проста трэба карыстацца імі. На жаль, няма сферы прыкладання выкарыстання беларускай мовы. Не існуе нацыянальны універсітэт, дзе б вялося выкладанне толькі на беларускай мове. У мінулым годзе быў прыняты закон аб правілах беларускай арфаграфіі. З якімі ягонымі нормамі вы маглі б пагадзіцца, а з якімі - не? Калі гаварыць пра сутнасны бок, то трэба адзначыць сам факт прыняцця гэтага закону. Ён больш чым несвоечасовы, ён проста непатрэбны. Беларуская мова знаходзіцца ў дастаткова цяжкім стане, яе падтрымлівае толькі сфера адукацыі, а менавіта існаванне тэсту, на якім трэба выбіраць мову для здачы на экзамене. Статус беларускай мовы як тэставай падтрымлівае цікавасць да яе з боку вучняў, шырокіх народных масаў. Такім чынам, пакуль беларуская мова стабільная ў сваім пісьмовым існаванні, пакуль існуюць больш-менш цвёрдыя правілы, яна можа заставацца прывабнай для шырокай вучнёўскай аудыторыі. Я прыхільнік беларускага класічнага правапісу, але калі б мне прапанавалі пераводзіць беларускі правапіс на класічныя нормы, я б адмовіўся ад гэтага. У сённяшніх умовах гэта было б просто разбуральна. Акрамя таго, новыя правілы не павінны прымацца ў якасці закона. Закон патрэбны там, дзе трэба нешта звужаць і зацісківаць у нейкія межы, рэгуляваць волю беларускамоўнага чалавека. Які б цудоўны гэта ні быў закон, ён не прымальны як закон. Такі блытаны дакумент трэба яшчэ пашукаць. Там адны параграфы не стасуюцца з другімі, існуе розніца ў напісанні шматлікіх слоў. Там прысутнічаюць вельмі прымітыўныя фармулёўкі, якія не вытрымліваюць ніякай крытыкі, ніякай экспертызы. Многія звязваюць свае надзеі на адраджэнне мовы з новым кіраўніком Міністэрства культуры Паўлам Латушкам. Ці падзяляеце вы гэтыя спадзяванні? Само прызначэнне спадара Латушкі на гэтую пасаду можа пасеяць нейкія прывідныя надзеі ў інтэлігенцыі. Я іх не падзяляю. Калі б Паўла Латушку абралі на пасаду прэзідэнта Беларусі, магчыма, гэта было б дарэчы. Ён чыноўнік, такі ж, як і любы іншы, і таксама, як і любога іншага, яго могуць у любы момант зняць з пасады. Уся беларусізацыя, якая так і не пачалася, скончыцца. Што трэба зрабіць, каб беларуская мова ў Беларусі ўжывалася больш актыўна і сапраўды набыла статус дзяржаўнай? Па-першае, яна мусіць быць адзінай дзяржаўнай. Ёсць такі панятак “пазітыўная дыскрымінацыя” - наданне прэферэнцый таму, хто не мае і не меў у гісторыі паўнаты правоў. У нашым выпадку гэта магчымасць для мовы дыхнуць на поўныя грудзі. На пачатку 90-х былі такія захады пазітыўнай дыскрымінацыі, і яны далі пэўны плён. Напрыклад, настаўнікам, якія выкладаюць па-беларуску, даплочвалі 15%, усяляк заахвочвалі выдавецтвы друкаваць падручнікі па-беларуску. Ёсць вельмі шмат спосабаў падтрымаць беларускасць мовы, аднак мы сёння не бачым увогуле ніякага падтрымання. Пакуль што ідзе толькі разбурэнне беларускага школьніцтва. Алена Шарамет
Сэрвісы:
Навіны па тэме:
Спадарожныя тавары:
|
Літаратура
Антыкварыят
Фільмы
|

“Закон аб беларускай арфаграфіі можа канчаткова загубіць цікаўнасць да беларускай мовы”, - лічыць філолаг і мовазнаўца Зміцер Саўка. Пра тое, чаму Дзень беларускага пісьменства павінен адзначацца ў жніўні і што трэба зрабіць для адраджэння роднай мовы, ён расказаў у эфіры Радыё TUT.BY.
Мінула пяць стагоддзяў з таго моманту, як Скарына надрукаваў “Псалтыр”. Якія значныя падзеі і дасягненні беларускага пісьменства, што здарыліся за гэты час, павінен ведаць кожны беларус?
Калі беларускае слова надалей будзе душыцца, яно загіне. Але зараз з’яўляецца вельмі шмат людзей, якія жадаюць моўна адпавядаць сваёй назве. Чалавек, які прыходзіць з рускамоўнай школы, з рускамоўнага выхавання, пачынае задумвацца і пераходзіць на беларускую мову. Гэты працэс адбываецца паўсюдна, і тое, што гэта здараецца з людзьмі паасобку, але ў такой масавай колькасці, аб’ектывізуе працэс. Гэта не выпадковасць, не ненармальнасць, калі чалавек дарастае да сваёй ідэнтычнасці.
Версія для друку
Уставіць у блог
Каментары (
Абгаварыць на форуме 
Закладкі
RSS рассыланне навін
Загалоўкі навін



